Супрацоўнікі музея-запаведніка прынялі ўдзел у Музейных чытаннях-2017

У канцы мінулага тыдня ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбыліся Музейныя чытанні ў рамках экспазіцыі "Беларусь: адраджэнне духоўнасці" і з нагоды 50-годдзя адкрыцця экспазіцыі Дзяржаўнага музея БССР. Мерапрыемства сабрало музейных спецыялістаў не толькі з розных рэгіёнаў Беларусі, але і з Украіны.

Прывітальныя словы ўдзельнікам чытанняў даслалі міністр культуры Рэспублікі Беларусь Ю. Бондар, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання В. Папко, дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь А. Рыжкоў. У чытаннях прынялі ўдзел як супрацоўнікі музеяў, так і прафесары і выкладчыкі ВНУ (Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт).

З дакладамі выступілі загадчыкі філіялаў "Музей беларускага кнігадрукавання" і "Краязнаўчы музей" Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Музей як медыятар у камунікацыі паміж пакаленнямі мясцовай грамадскасці быў прадстаўлены ў дакладзе С. Гаўрылавай. Матэрыялам для пацвярджэння тэзісаў паслужыла новая стацыянарная выстаўка "Ганаровыя грамадзяне горада Полацка", адкрытая ў Краязнаўчым музеі. З вынікамі выставачнай дзейнасці за апошнія гады калектыва таго ж музея пазнаёміла ўдзельнікаў чытанняў І. Воднева. Матэрыялы ўсіх дакладчыкаў будуць апублікаваны ў наступным нумары "Музейнага весніка", які выдае Нацыянальны гістарычны музей з 2003 г.

644