Па рацэ часу

19 снежня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння полацкага кампазітара Мікалая Пятрэнкі – аўтара знакамітых «Ручнікоў».

Да гэтай даты Музей беларускага кнігадрукавання рыхтуе адмысловую выставу пад назвай «Па рацэ часу». На ёй будуць прадстаўлены прадметы, якія адлюстроўваюць жыццёвы і творчы шлях гэтага таленавітага чалавека.

Мікалай Макаравіч Пятрэнка (1919–1997), які нарадзіўся на Гомельшчыне, у 1960 г. звязаў свой лёс з Полацкам, больш за 30 год працаваў у Полацкім педвучылішчы (зараз педкаледж), выкладаючы беларускую мову і літаратуру. За сваю плённую працу ў 1966 г. атрымаў званне Заслужанага настаўніка Беларусі.

Не менш вядомы ён і як самадзейны кампазітар, які напісаў каля 250 песень. Многія з іх прысвечаны Полаччыне. У 1995 г. Мікалай Пятрэнка стаў Ганаровым грамадзянінам горада Полацка.
У фондах НПГКМЗ захоўваецца даволі вялікая калекцыя матэрыялаў, звязаных з асобай Мікалая Пятрэнкі – яго рукапісы, дакументы, асабістыя рэчы, а таксама частка кніжнага збору.

Выстава пачне працу ў дзень нараджэння кампазітара і педагога.

780