85 гадоў вядомаму беларускаму навукоўцу Вячаславу Чамярыцкаму

Вячаслаў Антонавіч Чамярыцкі нарадзіўся 22 ліпеня 1936 г. у вёсцы Рабкі Наваградскага павета (цяпер Дзятлаўскі раён Гродзенскай вобласці). У 1937 г. сям’я пераехала ў Навагрудак. Ваеннае ліхалецце маці і двое дзяцей перажылі ў сваякоў на вёсцы. Бацька пайшоў на фронт і прапаў без вестак.

Пасля заканчэння беларускай школы ў Навагрудку (былой славутай Навагрудскай гімназіі), дзе яго настаўнікам быў Сцяпан Александровіч, Вячаслаў Чамярыцкі паступіў у БДУ на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта, якое закончыў у 1958 г. Працаваў нейкі час настаўнікам на Вілейшчыне, карэктарам абласной газеты ў Маладзечна, інспектарам аддзела народнай асветы Маладзечанскага раёна.

У 1965 г. скончыў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР, пасля чаго працаваў навуковым супрацоўнікам таго ж інстытута. З 1991 г. узначальваў аддзел гісторыі старажытнай і новай беларускай літаратуры, пазней — галоўны навуковы супрацоўнік НАН Рэспублікі Беларусь.

Цікава, што выступаць у друку В. Чамярыцкі пачаў з вершамі (з 1952 г. у навагрудскай раённай газеце «Новае жыццё), а з 1959 г. — з рэцэнзіямі і артыкуламі пра творчасць маладых паэтаў. Але потым захапіўся старажытнай беларускай літаратурай і гісторыяй і ўнёс велізарны ўклад у вывучэнне беларускага летапісання. У 1967 г. ён абараніў кандыдацкую дысертацыю «Беларускія летапісы як помнікі літаратуры», якая ў 1969 г. выйшла асобнай кнігай. Гэта была першая праца на беларускай мове пра гісторыю летапіснага жанру ў Беларусі.

Вячаслаў Чамярыцкі з’яўляецца адным з аўтараў першых навуковых гісторый нашай нацыянальнай літаратуры на беларускай і рускай мовах — «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. I, 1968) і «Истории белорусской дооктябрьской литературы» (1977).

Не абышоў Вячаслаў Антонавіч увагай і скарынаўскую тэму. Яшчэ ў 1979—1980 гг. па замове ЮНЕСКА ён у сааўтарстве з Г. Галенчанкам і В. Шматавым напісаў навукова-папулярны нарыс «Францыск Скарына», які быў выдадзены на французскай і англійскай мовах. Французкі варыянт кнігі можна пабачыць у экспазіцыі Музея беларускага кнігадрукавання. Пазней пад яго аўтарствам ці рэдактарствам выйшлі шматлікія кнігі пра беларускага першадрукара.

У 1994 г. Вячаслаў Чамярыцкі атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі за цыкл прац «Скарына і беларуская культура». Узнагароджаны таксама медалём Францыска Скарыны.

  

 

Па ініцыятыве В. Чамярыцкага і пры яго непасрэдным удзеле быў пачаты пераклад на сучасную беларускую мову і публікацыя для шырокага чытача, спачатку ў часопісе «Спадчына», летапісных помнікаў Беларусі. А ў 1997 годзе яны выйшлі асобным выданнем у мінскім выдавецтве «Беларускі кнігазбор». 

Выдатным дасягненнем таленавітага калектыву навукоўцаў, якім кіраваў Вячаслаў Чамярыцкі, сталі падрыхтоўка і выданне «Гісторыі беларускай літаратуры XI — XIX стагоддзяў» у двух тамах і «Анталогіі даўняй беларускай літаратуры».

  

 

 

1011