Чэрвеньская сустрэча ў музейным дворыку

Гарачае летняе надвор'е не дазваляе сядзець у душных кабінетах. Менавіта з гэтай прычыны чарговая сустрэча ў рамках праекта «Інклюзіўная творчая лабараторыя "Бум!–Ага!"» адбылася на адкрытым паветры. Ва ўтульным дворыку Музея беларускага кнігадрукавання ўдзельнікі праекта арганізавалі пленэр «Я малюю так, як бачу» па маляванні пейзажу ў розных тэхніках.

Жаданне асвойваць нешта новае, неўтаймаваная фантазія і неверагодныя творчыя здольнасці сталі залогам стварэння адпаведнай атмасферы і сапраўдных мастацкіх твораў. Аматары і ўжо вопытныя мастакі пісалі свае працы на розных відах паперы, выкарыстоўваючы простыя і каляровыя алоўкі, гуаш, маркеры і фламастары, васковыя крэйды. У творчым парыве ніхто не заўважыў ні плыні часу, ні паўдзённай спёкі.

У самым цэнтры дворыка ўдзельнікі зладзілі вернісаж сваіх работ «Злаві імгненне». Сюжэты твораў былі вельмі розныя: зялёныя берагі Заходняй Дзвіны, квітнеючыя сады, помнікі архітэктуры Полацка, абстракцыі, якія адлюстроўваюць настрой аўтараў. Творчы падыход удзельнікі лабараторыі праявілі і ў назвах сваіх карцін: «Сям'я», «Пейзаж», «Вокны», «Каляровае тарнада» і іншыя. У іх знайшлі адлюстраванне значныя ў той момант для кожнага аўтара ўражанні ад навакольнага свету.

Праект рэалізуецца пры падтрымцы гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на 2022 г. з апісаннем праекта і рэалізаванымі мерапрыемствамі больш падрабязна можна азнаёміцца тут.

560