
Выставу адной карціны «Ніколі не забудзем» працягвае палатно Соф’і Лі «Партызанская зямлянка» (1968).
Соф’я Дзмітрыеўна Лі нарадзілася 12 красавіка 1904 г. у пасёлку Обаль Сенненскага павета Магілёўскай губерні (цяпер Сенненскі раён Віцебскай вобласці). У 1928‒1931 гг. вучылася ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме. Сярод яе настаўнікаў былі Міхаіл Эндэ, Уладзімір Хрусталёў. З 1929 г. прымала ўдзел у мастацкіх выстаўках. У час Вялікай Айчыннай вайны была партызанскай сувязной і разведчыцай. Пасля вайны жыла і працавала ў Мінску. З 1946 г. — сябра Саюза мастакоў БССР. Узнагароджана ордэнамі Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны», медалямі. У 1975 г. прысвоена званне «Заслужаны работнік культуры БССР». Памерла Соф’я Дзмітрыеўна 4 верасня 1980 г.
Соф’я Лі — жывапісец, аўтар сюжэтна-тэматычных карцін, пейзажаў, нацюрмортаў. Творчасці мастачкі характэрны кампазіцыйная дакладнасць, прастата выяўленчых прыёмаў, шчырасць, глыбокая эмацыянальнасць. Асаблівае месца займаюць палотны на тэмы партызанскага жыцця, якія напісаны пад уражаннямі ад перажытага ў гады вайны. Карціны прасякнуты высакароднасцю, любоўю да роднай зямлі і людзей, якія праявілі гераізм у гады Вялікай Айчыннай вайны, і з’яўляюцца сапраўднымі мастацка-дакументальнымі матэрыяламі. У іх ліку — «Партызанская зямлянка» (1968). Выкананая ў карычнева-шэрай колеравай гаме карціна з дакладнасцю перадае суровасць інтэр’еру часовага жылля партызан.
Творы Соф’і Лі захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку, Беларускім музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і іншых установах.