Новая работа на выставе адной карціны «Ніколі не забудзем»

З 22 чэрвеня ў рамках праекта «Ніколі не забудзем» на выставе адной карціны будзе прадстаўлена праца Яўгена Ціхановіча «Пуцявы абходчык».

Яўген Мікалаевіч Ціхановіч (1911—2005) — беларускі жывапісец, скульптар і мастак-графік. З 1932 года з'яўляўся ўдзельнікам рэспубліканскіх і міжнародных выстаў. Член Беларускага саюза мастакоў з 1933 года.

Яго палатно «Пуцявы абходчык» напісана ў 1957 годзе. Як сведкі падзей, мастакі не маглі не перанесці іх на палотны. У пасляваенныя гады яны працягваюць звяртацца да тэмы Вялікай Айчыннай вайны. Вайна назаўсёды застаецца ў памяці народа, нават калі пасля яе заканчэння праходзяць гады і дзесяцігоддзі.

На палатне перад намі паўстае статны мужчына — пуцявы абходчык. Чалавек, які адказны за абход і праверку стану чыгуначных пуцей, мастоў, тунэляў. Менавіта ад яго залежыць бяспека пуцей як у ваенны, так і ў мірны час.

Творы мастака вызначаюцца выразнасцю выяўленчай мовы і жыццёвай канкрэтнасцю вобразаў. Значнае месца ў творчасці Яўгена Ціхановіча займалі тэмы грамадзянскай вайны, пераўтварэнняў Беларусі, партызанскага руху ў гады Вялікай Айчыннай вайны, гісторыі беларускай культуры.

612