
Дарагія сябры! Музей традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер'я запрашае 30 чэрвеня а 13-й гадзіне на майстар-клас «Цуд і маляванка — робім набіванку!» па традыцыйнай тэхніцы ручнога друку па тканіне. Гэта добры шанец раскрыць свой творчы патэнцыял і дадаць унікальнасці нават самым штодзённым рэчам!
Набойка («выбойка», «крашаніна», «набіванне») — гэта адна з найстарэйшых тэхнік дэкарыравання тканіны, якая выкарыстоўвае друкаваныя формы з выступаючым узорам. Мода на набіванку на тэрыторыі Беларусі была пашырана ў XVI—XVII стст. у сувязі з дзейнасцю рамесніцкіх цэхаў. Віцебск, Магілёў, Полацк, Орша, Бабруйск — гэта былі цэнтры самых буйных майстэрняў па набіванні ў XIX ст. Была пашырана набіванка і ў вёсках Віцебшчыны. Тут з яе дапамогай упрыгожваліся элементы традыцыйнага касцюма: сарафаны, кашулі, фартухі. Узоры маглі ўключаць у сябе раслінныя матывы, геаметрычныя фігуры, выявы людзей і жывёл, а таксама сцэны з паўсядзённага жыцця.
Удзельнічаючы ў майстар-класе, вы не толькі даведаецеся пра багатую гісторыю гэтага старажытнага мастацтва і асаблівасці яго выканання, але і зможаце на практыцы прымяніць атрыманыя веды, аздобіўшы летні шалік вашым унікальным дызайнам.