
Вядомы факт, што беларускі асветнік Францыск Скарына нарадзіўся ў Полацку. Невыпадкова, што менавіта ў гэтым горадзе роўна 50 год таму, 11 жніўня 1974 г., на праспекце Карла Маркса (сёння — праспект Францыска Скарыны) быў устаноўлены першы ў свеце помнік беларускаму першадрукару. За сем год да таго скульптар Аляксей Канстанцінавіч Глебаў стварыў мадэль будучага манумента. І значна пазней яго вучні — скульптары Ігар Глебаў і Андрэй Заспіцкі — адлілі яе ў поўны рост. Францыск Скарына выяўлены з кнігай у руках, у мантыі вучонага, што падкрэслівае дынаміку руху і пластыку фігуры першадрукара. На твары яго задуменнасць. Вышыня бронзавай фігуры — 5,5 метраў, а ўсяго разам з пастаментам — 12 метраў.
За выкананне гэтай скульптуры А. Глебаву прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР (пасмяротна). Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь у 2007 г. помнік унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Помнікі Францыску Скарыну стаяць у Мінску, Лідзе, Празе, Вільнюсе, Кішынёве, Калінінградзе.