Музей традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер'я прыняў удзел у «Фестывалі навукі — 2024»

7 верасня Музей традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер'я прыняў удзел у «Фестывалі навукі — 2024», які праходзіў у Цэнтральным батанічным садзе НАН Беларусі.

Фестываль праводзіўся шосты раз, але менавіта сёлета ўпершыню на мерапрыемстве была арганізавана пляцоўка «Этнаграфія», на базе якой можна было даведацца пра нацыянальную кухню, традыцыйныя касцюмы і рамёствы беларусаў, а таксама стаць удзельнікам розных майстар-класаў. Музей ткацтва прапаноўваў наведвальнікам майстар-класы па вырабе сумак-шопераў або сурвэтак у стылі «набіванка» альбо «маляванка». Многія госці ўпершыню знаёміліся з гэтым відам беларускай народнай творчасці. Каб распісаць выраб у стылі «маляванка», наведвальнікам прапаноўваліся акрылавыя фарбы і загадзя нарыхтаваныя трафарэты для ўзораў, а для ўпрыгожвання сумкі ці сурвэткі ў стылі «набіванка» выкарыстоўваліся драўляныя формы-штампы, а таксама сырая бульба і цыбуля.

На суседняй пляцоўцы госці маглі па-новаму зірнуць на традыцыйныя беларускія жаночыя галаўныя ўборы дзякуючы іх дэманстрацыі, якая суправаджалася расповедам пра іх асаблівасці, а таксама майстар-класам па навіванні самага незвычайнага галаўнога ўбору — наміткі.

Усе ўдзельнікі майстар-класаў засталіся вельмі задаволеныя — яны не толькі даведаліся шмат новага пра традыцыі беларусаў, але і атрымалі ўнікальныя сумкі-шоперы і сурвэткі, распісаныя сваімі рукамі.

«Фестываль навукі» — гэта выдатная пляцоўка для дэманстрацыі сваёй прадукцыі і наладжвання сяброўскіх адносін з рознымі арганізацыямі. Дзякуем арганізатарам за цудоўную магчымасць стаць удзельнікамі падобнага мерапрыемства!

928