
22 лістапада ў Музеі традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я пачала дзейнічаць выстава «З лазы.by», на якой прадстаўлена калекцыя плеценых з лазы вырабаў з фондаў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.
23 лістапада ў музей быў запрошаны майстар лозапляцення Міхаіл Паўлавіч Гільніч, які ў рамках выставы правёў тэматычную лекцыю для ўсіх жадаючых.
Напачатку лекцыі Міхаіл Паўлавіч распавёў пра свой прафесійны шлях. Майстар адзначыў, што цікавіцца лозапляценнем ён пачаў яшчэ ў савецкія часы, калі попыт на рукатворныя вырабы быў дастаткова вялікім.
Вельмі хутка лекцыя перарасла ў гутарку з майстрам. Нашых гасцей цікавіла ўсё: спосабы нарыхтоўкі лазы, тэхнікі пляцення, як даглядаць за плеценымі вырабамі, колькі трэба вучыцца, каб стаць сапраўдным майстрам і г.д.
Напрыканцы лекцыі ўсе прысутныя былі запрошаны на выставу «З лазы.by». Нашы госці пераканаліся, што з лазы можна вырабляць як невялічкія дэкаратыўныя рэчы, так і буйныя лазовыя гарнітуры. Акрамя таго, на выставе госці ўбачылі прадметы мэблі, зробленыя Міхаілам Паўлавічам Гільнічам.
Выстава «З лазы.by» будзе чакаць сваіх наведвальнікаў да 28 лютага 2025 г. Запрашаем усіх жадаючых дакрануцца да аднаго з самых старажытных беларускіх рамёстваў.