
На пляцоўцы стацыянарнай выстаўкі «Прагулка па Ніжне-Пакроўскай» прайшла чарговая лекцыя «Патрыятычная дзейнасць святароў Рускай праваслаўнай царквы ў гады Вялікай Айчыннай вайны» клірыка Богаяўленскага кафедральнага сабора г. Полацка дыякана Георгія Дубоўскага.
Лектар адзначыў, што праявы патрыятычнага служэння Рускай праваслаўнай царквы былі разнастайныя. Пасланні, звароты і пропаведзі святароў сталі маральнай падтрымкай для насельніцтва ў тыя цяжкія гады. Царква займалася зборам грашовых сродкаў і медыкаментаў, адзення і харчавання, якія перадаваліся ў фонд абароны краіны. Многія святары апранулі салдацкія шынялі, сталі ў шэрагі дзеючай арміі або далучыліся да партызанскага руху.
На лекцыі былі агучаны і новыя факты з жыцця прыходаў Полацкай епархіі ў 1941-1945 гг., прадстаўлены біяграфічныя звесткі пра святароў, якія захавалі стойкасць духу і веры, нягледзячы на пераслед у міжваенны перыяд і цяжкасці ў гады вайны.
Па завяршэнні цыкла лекцый па гісторыі Рускай праваслаўнай царквы ў гады Вялікай Айчыннай вайны загадчык Краязнаўчага музея І. П. Воднева падвяла вынік: «Царква ў цяжкія ваенныя гады дапамагала аб’ядноўваць грамадства. Праца духавенства была запатрабавана і ў пасляваенныя гады. У многіх цэрквах, закрытых у 1920-1930-я гг. і адкрытых падчас вайны, малітоўнае і богаслужэбнае жыццё працягваецца і сёння».
Напрыканцы сустрэчы дыякан Георгій Дубоўскі перадаў музею некалькі кніг, а ўсіх удзельнікаў лекторыя, які праходзіў напярэдадні святкавання 900-годдзя Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра, павіншаваў са святам і падарыў тэмытачныя брашуры і абразкі.