Удзел супрацоўнікаў Мастацкай галерэі і Музея беларускага кнігадрукавання ў святкаванні XXXII Дня беларускага пісьменства ў Лідзе

Навуковыя супрацоўнікі Мастацкай галерэі і Музея беларускага кнігадрукавання прынялі ўдзел у святкаванні XXXII Дня беларускага пісьменства ў Лідзе. На працягу двух дзён у павільёне Віцебскай вобласці працавала гравёрная майстэрня музея, наведвальнікі якой пабачылі захапляльны працэс стварэння твораў друкаванай графікі. Таксама была прадстаўлена экспазіцыя, прысвечаная 500-годдзю першага выдання кнігі Францыска Скарыны — «Апостал».

На выставе ўсе ахвотнікі паўдзельнічалі ў майстар-класе па друку копіі гравюр з кніг полацкага першадрукара, сталі ўладальнікамі ўласнаручна вырабленага адбітка. Працуючы за друкарскім станком, аналагам станка XVII стагоддзя, кожны ўдзельнік трапіў у займальны свет мастацтва часоў Францыска Скарыны.

У Полацку ж дзейнасць пазнавальна-адукацыйнага праекта «Пад знакам Скарыны» працягваецца. Гэты праект адраджае цікавасць да графічнай спадчыны і творчай дзейнасці нашага знакамітага земляка і папулярызуе друкаваную графіку. Запрашаем вас таксама наведаць тэматычныя заняткі «Я ў свеце графікі», якія праходзяць у гравёрнай майстэрні Мастацкай галерэі г. Полацка.

422