Са старажытных часоў людзі імкнуліся да прыгажосці. Нашы продкі выраблялі побытавыя рэчы не толькі зручнымі і практычнымі, але і аздаблялі іх роспісам ці інкрустацыяй, упрыгожвалі інтэр’ер саламянымі павукамі, вязанымі карункамі, вышыванкамі ды іншымі сродкамі.
Сучасная Полаччына таксама багатая на таленавітых майстроў, якія ствараюць сапраўдныя творы мастацтва з самага простага матэрыялу: дрэва, саломкі, паперы, гліны…
Музей традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер'я запрашае на выстаўку “Полаччына – край творчасці”
У экспазіцыі выставы прадстаўлены работы сяброў клуба народных майстроў і мастакоў “Майстар” пры Полацкім раённым Цэнтры рамёстваў і нацыянальных культур. Яны жывуць у розных кутках Полаччыны і ахопліваюць у сваёй творчасці амаль усе накірункі традыцыйнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.