Паважаныя жыхары і госці Сенненшчыны! Сенненскі гісторыка-краязнаўчы музей запрашае на адкрыццё выставы
«INSITUS-2020»
Такая выстава інсітнага мастацтва, прысвечаная 380-годдзю нараджэння разбяра і друкара Васіля Кораня, стваральніка Бібліі ў карцінках для народа, пачне працаваць ў Сенненскім гісторыка-краязнаўчым музеі з 27 красавіка.
Выстава ўключае творы на тэмы: гісторыя і культура роднага краю, вобразы народных герояў і творцаў – майстроў, асветнікаў, літаратараў, мастакоў. Асобную тэматыку складаюць творы духоўна-рэлігійнага і візіанерскага характару (прадбачанне, прадказанне, рэлігійнае адкрыццё). Значнае месца займае тэма паўсядзённасці жыцця, народных святаў і сямейных абрадаў, рамесна-земляробчай і любоўна-сямейнай ідыліі, прыгажосць і багацце прыроды, вобразы народнай смехавай культуры.
У экспазіцыі - творы самабытных мастакоў-самавукаў з Віцебскай вобласці.
Інсітнае мастацтва, або, як яго яшчэ называюць, наіўнае - гэта адно з напрамкаў непрафесійнага мастацтва. Яно ўключае выяўленчую творчасць мастакоў-самавучак: жывапіс, графіку, разьбу па дрэве, скульптуру, архітэктуру, арт-аб’екты, інсталяцыю. Мастацтва недасканалае, затое чэснае, як творчасць дзяцей. Гэты від мастацтва заўсёды знаходзіў і будзе знаходзіць шлях да сэрца як простага чалавека, так і перагружанага ведамі мастацтвазнаўцы.
Інсітнае мастацтва Віцебшчыны, атрымаўшае ў лютым мінулага года статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь, напрацягу 2021 года будзе дэманстравацца ў рэгіянальных музеях вобласці.
Адкрыццё выставы «INSITUS-2020» адбудзецца 27 красавіка ў 12.30.