Магія кніжнай ілюстрацыі. Праца майстэрні мастака-гравёра.


Ноч музеяў – такая чароўная ноч, калі ў музеях адбываюцца цуды: ажываюць музейныя экспанаты, тэхніка, якая доўгі час стаяла без справы, на радасць і цікаўнасць наведвальнікам пачынае працаваць…

У далёкім 1972 годзе славуты беларускі мастак-гравёр Георгій Паплаўскі, займаючыся афармленнем кнігі Аркадзя Куляшова «Далёка да акіяна», выразаў на цынкавай дошцы прыгожы рэльеф – будучую друкарскую форму. На форме двое закаханых – юнак і дзяўчына – пад шатамі раскідзістай яблыні. Пазней з той дошкі было надрукавана колькі соцень адбіткаў для кнігі, а ў 1990 годзе яна апынулася ў экспазіцыі Музея беларускага кнігадрукавання.

Насупраць яе, на важным і пачэсным месцы ў інтэр’еры майстэрні мастака-ілюстратара ўсталяваны афортны станок, які ў свой час належаў іншаму беларускаму мастаку-гравёру – Анатолю Зайцаву. Менавіта на ім Анатоль Цімафеевіч друкаваў свае афорты.

16 мая падчас Міжнароднай акцыі «Ноч музеў» Вы ўбачыце гэтыя прадметы ў дзеянні. Музей беларускага кнігадрукавання сумесна з Полацкай дзіцячай мастацкай школай і яе дырэктарам Наталляй Анцімонавай запрашае Вас спрычыніцца да магіі кніжнай ілюстрацыі, даведацца больш пра мастацкую тэхніку афорту, паназіраць працэс яго друку. Вы зможаце нават набыць афорт на памяць!

Майстэрня мастака-гравёра будзе працаваць у Музеі беларускага кнігадрукавання з 6 да 8 гадзін вечара.

160