Мастацкая галерэя запрашае на адкрыццё выстаўкі Дыяны Янушонэ «Невядомыя людзі »


12 студзеня а 16-й гадзіне ў Мастацкай галерэі адбудзецца адкрыццё выстаўкі Дыяны Янушонэ пад назвай «Невядомыя людзі». Выстаўка арганізавана пры садзейнічанні Консульства Латвійскай Рэспублікі ў Віцебску і Латвійскай Акадэміі мастацтваў. Куратарам выставы выступіў мастацтвазнаўца Міхаіл Цыбульскі:

«Персанальная выстава Дзіяны Янушонэ “Невядомыя людзі” даволі паўнамаштабна прадстаўляе гледачу асноўныя тэмы, формы і накірункі творчай дзейнасці маладой латвійскай мастачкі. Цэнтральнае месца ў яе творчасці займаюць актуальныя для нашага часу і сучаснага грамадства праблемы і тэмы, сацыяльныя падзеі, якія, разам з тым, вельмі моцна афарбаваны эмацыянальна. Праблемы постіндустрыяльнага грамадства, дэмаграфіі, эміграцыі, пашыраючагася тэррарызму, нестабільнасці, якая пануе ў свеце, неабароненасці чалавека, шматлікіх рызыкаў і небяспекі, з якімі мы сутыкаемся штодзень, як і пошукі ўласнай ідэнтычнасці, спадзвігаюць мастачку на стварэнне адметных мастацкіх вобразаў і неардынарныя творчыя эксперыменты. Большасць вобразаў у яе тэкстыльных кампазіцыях пабудавана на асацыяцыях. Па словах самой Дзіяны Янушонэ, галоўнай задачай любога мастацкага твора з’яўляецца прадстаўленне асноўнай ідэі і тэмы ў розных тэхніках, яе эфектыўнае вобразнае ўвасабленне. Некаторыя з тэхнік і метадаў працы распрацаваны аўтарам. Важнае і практычна вызначальнае месца ў творчасці Дзіяны Янушонэ займае тэкстыльны аб’ект, у стварэнні якога мастачка выкарыстоўвае самыя разнастайныя матэрыялы і пластычныя эфекты».

Адкрыццё адбудзецца па адрасе: вул. Стралецкая, 4А-4, г. Полацк
Тэл. для даведак: 42-36-32