Выданне друкарні Полацкай езуіцкай акадэміі з'явілася ў зборы музея-запаведніка

У фонды Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка паступіла ўнікальнае выданне "Dictionarium latino-polonicum", якое выйшла ў друкарні Полацкай езуіцкай акадэміі ў 1817 г. Кніга была набыта ў жыхара горада Мінска.

Друкарня езуіцкага калегіума ў Полацку была адкрыта ў 1787 г. і займала 7 памяшканняў флігеля па левы бок ад касцёла св. Стэфана. Шрыфтовыя гарнітуры дазвалялі друкаваць кнігі на лацінскай, польскай, рускай, нямецкай, грэчаскай і старажытнаяўрэйскай мовах. Друкарня перш за ўсё абслугоўвала патрэбы навучальнага працэсу, таму пераважную большасць выданняў складалі падручнікі і іншыя вучэбна-дапаможныя матэрыялы. У 1812 г. з наданнем калегіуму статусу акадэміі друкарня стала акадэмічнай. За ўвесь час існавання было выдадзена каля 500 найменняў кніг.

У зборы музея-запаведніка меліся тры езуіцкія выданні 1794, 1799 і 1803 г., два з якіх прадстаўлены ў экспазіцыі Музея беларускага кнігадрукавання. Побач з імі знаходзіцца і выданне полацкіх піяраў 1826 г., якім перайшло абсталяванне друкарні езуітаў пасля іх выгнання ў 1820 г.

"Лацінска-польскі слоўнік" папоўніў калекцыю старадрукаваных выданняў і стаў у ёй першай кнігай, што выйшла ў езуіцкай акадэмічнай друкарні. Яно мае нядрэнную захаванасць: у добрым стане скураны карашок з цісненнем, вокладка, поўнасцю захаваны кніжны блок. Самы вялікі дэфект - страта фрагмента тытульнага ліста, але гэта не перашкаджае дакладнай ідэнтыфікацыі кнігі. Прадмет будзе вывучаны, уведзены ў навуковы абарот і з часам зойме сваё месца ў экспазіцыі Музея беларускага кнігадрукавання.


853