Выстава «Апякун беларускага адраджэння: Браніслаў Эпімах-Шыпіла» (да 160-годдзя з дня нараджэння)


Сёлета спаўняецца 160 год з дня нараджэння нашага земляка, дзеяча беларускай культуры, выдаўца, фалькларыста, мовазнаўцы і літаратуразнаўцы Браніслава Ігнатавіча Эпімаха-Шыпілы.

Дзяцінства будучага вучонага прайшло ў фальварку Залессе на Полаччыне. Скончыўшы гісторыка-філалагічны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта (1886), працаваў у бібліятэцы ўніверсітэта. Адначасова выкладаў старажытнагрэчаскую і лацінскую мовы ў шэрагу навучальных устаноў Пецярбурга. Б. Эпімах-Шыпіла вылучаўся асаблівымі лінгвістычнымі здольнасцямі, валодаў больш як 20-цю старажытнымі і новымі мовамі, цікавіўся ўсходнімі культурамі. Збіраў матэрыялы па гісторыі, этнаграфіі, фальклоры і літаратуры Беларусі і марыў з цягам часу стварыць у родным Залессі беларускі музей.

Менавіта Б. Эпімах-Шыпіла на пачатку ХХ ст. стаяў на чале беларускага культурнага руху ў Пецярбургу, быў ініцыятарам стварэння і фактычным кіраўніком выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца». Для адраджэння роднага краю ён не шкадаваў уласных сродкаў, аддаваў для сходаў моладзі і патрэб выдавецтва сваю пецярбургскую кватэру. «Сэрцам Беларусі» называлі гасціннага гаспадара землякі-студэнты.

Вялікую ролю Б. Эпімах-Шыпіла адыграў у жыцці і творчым лёсе Янкі Купалы: адрэдагаваў і падрыхтаваў да друку першы купалаўскі зборнік «Жалейка» (1908), па-бацькоўску апекаваўся над паэтам у 1909–1913 гг., калі той жыў у Пецярбургу.

18 мая ў Музеі беларускага кнігадрукавання пачынае працаваць выстава, прысвечаная жыццю і дзейнасці апекуна беларускага адраджэння Браніслава Эпімаха-Шыпілы.

727