Крэатыў-праект «Там, дзе карані твае…»


22 мая 2021 г. у музеі «Стацыянарная выстава "Прагулка па Ніжне-Пакроўскай"» (Домік Пятра I) адкрываецца выстава «Там, дзе карані твае…».
2021 год у Рэспубліцы Беларусь абвешчаны Годам народнага адзінства. На тэрыторыі нашай краіны пражываюць побач прадстаўнікі розных нацыянальнасцей. У кожнага з іх ёсць свая культурная спадчына, свае традыцыі. Важнейшым асяроддзем для захавання і перадачы гэтых традыцый з пакалення ў пакаленне з’яўляецца сям’я.
Адной з такіх сем’яў Полацка была сям’я Захара і Хаі Геновых, створаная ў 1894 г. Менавіта вакол Хаі, якая нарадзіла 9 дзяцей, будуць гуртавацца наступныя пакаленні Геновых. Прайшло болей 60 гадоў з таго часу, як яна пайшла з жыцця, а род Геновых працягваецца. Сёння яго прадстаўнікі –вядомыя асобы не толькі ў Беларусі, але і за межамі краіны. Асаблівасцю рода былі музычныя і мастацкія здольнасці, Геновы добра спявалі і ігралі на розных музычных інструментах. Асобныя іх прадстаўнікі дасягнулі значных поспехаў у спорце, а некаторыя – на глебе педагогікі.
Падрыхтоўкай выставы на працягу некалькі месяцаў займаліся не толькі супрацоўнікі НПГКМЗ, але і Установы «Спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву №3 імя М.Л. Генова г. Наваполацка», УА «Музей гісторыі і культуры горада Наваполацка», прыватнай яўрэйскай культурна-асветніцкай установы «Фінчлі». Найбольш актыўнымі ўдзельнікамі падрыхтоўкі выставы сталі і самі прадстаўнікі роду Геновых, якія пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь (Полацк, Наваполацк, Чашнікі, Мінск), Расійскай Федэрацыі (Масква, Екацерынбург, Санкт-Пецярбург), ЗША (Уэст-Палм-Біч, Мінеапаліс), Ізраіля (Маалоп, Хайфа), Германіі (Нюрнберг).
На выставе наведвальнікі змогуць пазнаёміцца з радаводам сям’і Геновых, з каштоўнасцямі і традыцыямі яе прадстаўнікоў, пабачыць фотаздымкi Полацка 1950-х гг., зробленыя Мікалаем Геновым, а таксама наведаць міні-канцэрт з удзелам членаў роду Геновых і іх сяброў.
 

320