Прэзентацыя кнігі Валерыя Ледніка "Корона Эридана".


Хто з беларусаў не чуў пра Полацкае княства? – Бадай што, толькі той, хто ніколі не вучыўся ў школе. Слава гэтага дзяржаўнага ўтварэння грыміць праз стагоддзі па сённяшні дзень. Для кожнага палачаніна ёсць справай гонару ведаць галоўных гістарычных асоб, найбольш важныя падзеі таго перыяду, ды ўмець пры гэтым цікава і захапляльна распавесці чалавеку прыезджаму ці недасведчанаму.

Здавалася б, што новага можна сказаць на гэтую тэму? Але мы ўпэўнены, што малады аўтар (і наш калега) Валерый Леднік зможа вас здзівіць. Зусім нядаўна ў выдавецтве “Медысонт” выйшла яго кніга “Корона Эридана”. Дэбют літаратара-пачаткоўца, мастацкі твор у жанры гістарычнага фэнтазі прапануе чытачу зірнуць на гісторыю Полацкага княства ў новым, не зусім прывычным ключы. Аўтар змяшчае выдуманых персанажаў у рэальныя гістарычныя ўмовы, прымушае ўдзельнічаць у рэальных падзеях і стасавацца з рэальнымі гістарычнымі асобамі. Любы чытач знойдзе ў кнізе штосьці сабе па душы: ці то захапляльны сюжэт, ці то магчымасць паразважаць над філасофскімі пытаннямі быцця, ці нават крыху падвучыць гісторыю.

Запрашаем на прэзентацыю кнігі, якая адбудзецца ў Музеі беларускага кнігадрукавання 5 лютага, а 16-й гадзіне. У праграме: сустрэча з аўтарам, аўтаграф-сесія і выдатная магчымасць папоўніць сваю кніжную калекцыю новым выданнем.