Прыдзвінская скарбонка


“Ноч музеяў” – міжнародная акцыя, падчас якой музеі ва ўсім свеце з надыходам вечара адчыняюць свае дзверы для наведвальнікаў. Не стаў выключэннем і Верхнядзвінскі гісторыка-краязнаўчы музей – яго супрацоўнікі падрыхтавалі “начную” праграму “Прыдзвінская скарбонка”.

Пачалася “Ноч музеяў” на свежым паветры – гэтаму спрыяла і добрае вясновае надвор’е. Ва ўтульным ўнутраным дворыку гасцей чакалі гульнявыя пляцоўкі для дзяцей, майстар-класы майстроў раённага Дома рамёстваў, выстава “Культурна-гістарычная прастора ў фалерыстыкі”, а таксама фотазона – можно было зрабіць здымак у тэматычнай “рамцы”, з вусамі ці капелюшом. Сярод гасцей свята былі старшыня раённага выканаўчага камітэта І. І. Марковіч і намеснік старшыні па сацыяльных пытаннях Т. В. Сявалкіна.

Пакуль дзеці размалёўвалі карцінкі і збіралі карту Віцебскай вобласці з раёнаў, дарослыя з усіх бакоў абступілі выставачныя сталы. Фалерыстыка – калекцыянаванне любых нагрудных знакаў: ордэнаў, медалёў, значкоў. Мікалай Мікалаевіч Запаснік гэтай справай захапіўся яшчэ ў дзяцінстве. Зараз яго калекцыя налічвае каля 3 500 значкоў на самыя розныя тэмы: геральдыка, Вялікая Айчынная вайна, СССР, спорт, дзяцінства (казкі і мультфільмы) і інш.

- Калі зацікавіцца, з дапамогай значкоў можна шмат пра што даведацца, – адзначае Мікалай Мікалаевіч. – Напрыклад, серыя ”Паўлаўскія замкі”. У XVIII-XIX стст. майстры Паўлаўскага раёна Ніжагародскай вобласці славіліся сваімі мініятурнымі замочкамі для шкатулак памерам з гарошыну. Іх выраблялі ў выглядзе чалавечкаў і жывёл – як існуючых, так і казачных, накшталт аднарога ці сірэны.

Карысталася папулярнасцю сярод наведвальнікаў “Ночы музеяў” і экспазіцыя раённага Дома рамёстваў. Майстар-класы па роспісу “игрушек-кофеюшек” – тканевых цацак, насычаных кавай, – праводзіла Галіна Уладзіміраўна Чарнавок. І дзеці, і дарослыя з задавальненнем размалёўвалі акрылавымі фарбамі розных звяркоў, а таксама гулялі ў бяспройгрышную латарэю, разглядалі герданы, свістулькі, абярэгі, закладкі-выцінанкі і іншыя вырабы мясцовых майстроў.

- Наша выстава прысвечана Году малой радзімы, – расказвае кіраўнік народнага клуба народных майстроў і самадзейных мастакоў Дома рамёстваў Алена Міхайлаўна Дзямешка. – Напрыклад, вопытны майстар па жывапісу з Асвеі Раіса Грыгор’еўна Вашчанка прадаставіла свае работы з выявамі славутасцяў Верхнядзвіншчыны: Сар’янскага храму, царквы Святога Мікалая Цудатворцы, Асвейскага возера і нават Глобуса, які раней стаяў на скрыжаванні вуліц Савецкай і Карла Маркса.

Цікавасці чакалі прысутных і непасрэдна ў самім музеі – наведаць яго ў гэты вечар можна было бескаштоўна. Усім жадаючым была прапанавана экскурсія па дванаццаці “прычалах”, а пасля – прэзентацыя выставы беларускага мастака, члена творчага аб’яднання “Квадрат” Валерыя Ігнацьевіча Счастнага “Святы года”. Каляды, Масленіца, Вялікдзень, Сёмуха, Купалле, Спас, Багач і Дзяды – восем значных для беларусаў святаў знайшлі ўвасабленне ў палотнах майстра. Пра кожнае з іх госці даведаліся падчас экскурсіі, а пасля мелі магчымасць задаць свае пытанні асабіста Валерыю Ігнацьевічу.

Але і гэта было яшчэ не ўсё! Для самых актыўных, дапытлівых і азартных супрацоўнікі музея падрыхтавалі квэст-гульню “Музейныя прычалы”. Каманда, прама на месцы сфарміраваная з удзельнікаў рознага ўзросту, павінна была адказваць на пытанні, прысвечаныя нашай малой радзіме. За правільна выкананыя заданні гульцы атрымлівалі буквы, з якіх у канцы склалася слова “Верхнядзвінск”.

Завяршылася “Ноч музеяў” канцэртам пад адкрытым небам, дзе цудоўны настрой гледачам падарыў артыст Цэнтра культуры і народнай творчасці Мікалай Зярноў.
Матэрыял "Дзвінская праўда"

89